Перайсці да зместу

Гісторыя Намібіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Старажытныя петрогліфы на схілах гары Брандберг

Намібія — адна з самых маладых дзяржаў Афрыкі. Яе незалежнасць была абвешчана 21 сакавіка 1990 года. Тым не менш, яе гісторыя ахоплівае некалькі дзясяткаў тысячагоддзяў. Яна ўключае старажытнае мінулае карэнных афрыканскіх народаў, перыяд каланіяльнага панавання, барацьбы за незалежнасць і падзеі сучаснай гісторыі намібійскага грамадства.

Дакаланіяльны перыяд

[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш ранняе сведчанне прысутнасці на тэрыторыі Намібіі чалавека сучаснага тыпу — наскальныя малюнкі, пакінутыя ў месцы зліцця рэк Фіш і Аранжавая каля 26 тысяч гадоў таму[1]. Мяркуюць, што найстаражытнейшымі насельнікамі былі кайсанскія народы, перш за ўсё продкі сучасных бушменаў. Яны прыходзілі з меней засушлівага поўдню. Кліматычныя ваганні каменнага веку прывялі да некалькіх хваль міграцый, таму ў існаванні старажытных культур археолагі заўважаюць перарывістасць. Старажытныя людзі сяліліся ў горных і скальных масівах паўднёвай і цэнтральнай часткі краіны, дзе захаваліся тысячы петрогліфаў, у тым ліку выявы звяроў і саміх людзей[2].

Адметна, што намібійскія бушмены пазней былі выціснуты прадстаўнікамі іншых народаў у пустынную і паўпустынную мясцовасць, аднак збераглі многія прыёмы мастацтва, палявання і збіральніцтва, характэрныя для першанасельнікаў. Яшчэ адной групай кайсанцаў, якая насяляла вузкую паласу сушы паміж Атлантычным акіянам і пустыняй Наміб да XVIII стагоддзя, былі страндлоперы (афр.: Strandlopers, літаральна «насельнікі пляжаў»). Вучоныя звычайна атаясняюць іх з гатэнтотамі, хаця сустракаюцца меркаванні, што яны былі бліжэй да бушменаў або нават уяўлялі сабою асобную лінію кайсанцаў[3]. Страндлоперы займаліся вандроўным паляваннем і збіральніцтвам, ужывалі ў ежу малюскаў, рыбу, мяса цюленяў і кітоў, выкінутых на бераг, будавалі прыбежышчы з камянёў, галля і кітовага вусу[4]. Да нашых дзён на Беразе Шкілетаў сустракаюцца завостраныя каменныя колы, што калісьці былі фундаментамі іх пабудоў.

У 1 тысячагоддзі да н. э. тубыльцы паўднёвай і цэнтральнай Намібіі ўсталявалі сетку абмену з паўночнымі народамі, што спрыяла з’яўленню керамікі, прадметаў з металаў і свойскай жывёлы. У мінулым лічылася, што яны авалодалі навыкамі жывёлагадоўлі самастойна да міграцыі народаў банту[1]. Аднак сучасныя даследаванні дэманструюць тое, што рэшткі свойскіх жывёл сустракаюцца толькі з сярэдзіны 1 тысячагоддзя да н. э.[5], прыкладна ў той жа час, калі поўнач Намібіі і паласа Капрыві былі населены банту. Прадстаўнікі найстаражытнейшай хвалі банту займаліся пераважна земляробствам, а таму мала цікавіліся засушлівымі землямі, населенымі кайсанцамі. Нашчадкамі першых банту, якія прасунуліся на поўдзень, могуць быць дамара. Яны захавалі антрапалогію і матэрыяльную культуру, характэрную для выхадцаў з Цэнтральнай Афрыкі, але размаўляюць на мове кайсанскага паходжання. Наогул, сучасныя бантумоўныя жыхары Намібіі маюць ад 12,94% да 40,7% прымешкаў генаў кайсанскіх народаў[6]. Аднак працэсы асіміляцыі ў старажытнасці не былі вельмі распаўсюджанай з’явай, і генетычныя прымешкі павялічваліся толькі з цягам часу.

У сярэдзіне 2 тысячагоддзя н. э. адбылася яшчэ адна буйная міграцыя банту з рэгіёна Вялікіх Афрыканскіх азёр. Яе прадстаўнікі дасягнулі значных поспехаў у апрацоўцы жалеза і былі болей арыентаваны на пастаральную жывёлагадоўлю. Яны аселі паміж Куненэ і Акаванга. У выніку змешвання прадстаўнікоў гэтай і папярэдняй хвалі перасяленцаў вылучыўся народ авамба[7]. Частка новых пасяленцаў, продкі хімба і дхімба, захоўвала качавы лад жыцця. У канцы XVIII — сярэдзіне XIX стагоддзяў ад іх адасобіліся жывёлагадоўцы герэра[8][9], якія насялілі цэнтральныя раёны Намібіі, канчаткова выціснуўшы адтуль бушменаў.

Перасяленне еўрапейцаў з Капскай калоніі, якое пачалося ў канцы XVIII стагоддзя, вымусіла некаторыя часткова еўрапеізаваныя групы мясцовага насельніцтва пераправіцца на правы бераг ракі Аранжавай. Народ арлам рассяліўся сярод нама да паўночна-заходняй частцы пласкагор’я Каакай. Іх уварванне разбурыла традыцыйны ўклад жыцця мясцовага насельніцтва і далікатны сацыяльна-палітычны баланс у гэтых краях. Арлам былі патрэбныя тавары, якія яны маглі б абмяняць на еўрапейскія прамысловыя вырабы. Яны выкарыстоўвалі сваю тэхнічную перавагу над мясцовым насельніцтвам (бычыныя запрэжкі і агнястрэльная зброя) для захопу адзінага тавару, які карыстаўся попытам у еўрапейцаў — жывёлы герэра. У 1830—1850-х гадах правадыр арлам Ёнкер Афрыканер падпарадкаваў многія з плямёнаў нама і герэра і стварыў ваенна-тэрытарыяльнае ўтварэнне, улада якога распаўсюдзілася на большую частку цэнтральных раёнаў сучаснай Намібіі[10]. Тады ж ва ўнутраныя раёны паўднёвай частцы Намібіі праніклі еўрапейскія гандляры і місіянеры, пасля 1840 года найбольшую актыўнасць тут выяўляла Рэйнская місіянерская супольнасць[10]. Пасля смерці Ёнкера Афрыканера ў 1861 годзе яго дзяржава распалася, аднак агульная зацікаўленасць у нармальным гандлі стрымлівала міжусобныя сутыкненні і згон жывёлы[10][11].

Пагаршэнне абстаноўкі на поўначы, звязанае з двума рэйдамі людзей Ёнкера і першай спробай партугальцаў захапіць унутраныя раёны паўднёвай Анголы, выклікалі занепакоенасць правадыроў авамба, якія пачалі ўзбройвацца. У 1860—1870-я гады галоўным прадметам гандлю была слановая костка, аднак калі сланы былі знішчаны, мясцовае насельніцтва стала ажыццяўляць набегі на сваіх паўночных суседзяў і красці ў іх жывёлу. З’явіўся асаблівы пласт военачальнікаў, ленга, якія засяродзілі ў сваіх руках значную ўладу[12]

У 1878 годзе Вялікабрытанія захапіла раён Уолфіш-Бея, далучыўшы яго праз шэсць гадоў да Капскай калоніі. Але першы рашучы крок да каланізацыі ўнутраных раёнаў Намібіі зрабіла ў 1884 годзе Германія, абвясціўшы пратэктарат над тэрытарыяльнымі набыткамі брэменскага купца Людэрыца, які купіў у правадыра аднаго з плямёнаў нама бухту Ангра-Пекена і прылеглы да яе раён. Затым немцы здолелі навязаць мясцовым правадырам так званы «дагавор аб абароне», гэта значыць аб пратэктараце, і неўзабаве пад кантролем Германіі апынулася значная частка тэрыторыі краіны. Для кіравання новымі ўладаннямі была створана «Нямецкая каланіяльная супольнасць Паўднёва-Заходняй Афрыкі», якая праіснавала 10 гадоў. Калі супольнасці стала не пад сілу спраўляцца з узброеным супрацівам намібійцаў, афіцыйны Берлін накіраваў туды губернатара Тэадора Лейтвейна, пасля чаго ў Намібію прыбылі першыя белыя пасяленцы. У 1897—1898 гадах у Намібіі пачалася эпідэмія чумы рагатай жывёлы, якая прынесла шмат бед мясцовым сельскаму насельніцтву. З прычыны рабаўніцкіх дзеянняў белых гандляроў і далейшых захопаў зямлі, пацярпела крах палітыка паступовых выбарачных захопаў, якая праводзілася губернатарам, і выцяснення афрыканцаў у эканамічна неперспектыўныя раёны[12].

Паўстанне 1904—1907

[правіць | правіць зыходнік]

Незадаволенасць палітыкай каланіяльнай адміністрацыі прывяла да росту незадаволенасці сярод мясцовага насельніцтва. Паўстанне пачалося 12 студзеня 1904 года выступам плямёнаў герэра пад правадырствам Самуэля Магарэра. Герэра пачалі паўстанне, забіўшы каля 120 немцаў, у тым ліку жанчын і дзяцей. Паўстанцы аблажылі адміністрацыйны цэнтр Германскай Паўднёва-Заходняй Афрыкі горад Віндхук. Аднак, атрымаўшы падмацаванне з Германіі, германскія войскі нанеслі 9 красавіка паразу паўстанцам каля гары Аньяты, а 11 жніўня акружылі іх у раёне Ватэрберга. Частка герэра была знішчана ў баі, астатнія адступілі ў пустыню, дзе большасць іх загінула ад смагі і голаду.

Ужо пасля разгрому герэра паўсталі плямёны нама (гатэнтоты). 3 кастрычніка 1904 года ў паўднёвай частцы краіны пачалося паўстанне гатэнтотаў на чале з Хендрыкам Вітбоем і Якабам Марэнгай. Цэлы год Вітбой умела кіраваў баямі. Пасля гібелі Вітбоя 29 кастрычніка 1905 года паўстанцы, падзяліўшыся на дробныя групы, працягвалі партызанскую вайну аж да 1907 года. Да канца гэтага ж года большая частка паўстанцаў вярнулася да мірнага жыцця, так як яны былі вымушаныя забяспечваць харчаваннем свае сем’і, а тыя, што засталіся, былі неўзабаве выцесненыя за мяжу сучаснай Намібіі — у Капскую калонію, якая належала брытанцам.

Пасля падаўлення паўстання вялікая частка нама была пераселена ў засушлівыя бясплодныя раёны, што стала прычынай скарачэння іх колькасці. У 1907 годзе землі герэра і гатэнтотаў былі канфіскаваныя, іх супольная і племянная арганізацыя скасаваная[13].

Да моманту спынення баявых дзеянняў у 1907 годзе страты намібійцаў склалі каля 100 тыс. чалавек, або 60 % насельніцтва ў межах пласкагор’я.

Першая сусветная вайна

[правіць | правіць зыходнік]

28 ліпеня 1914 года пачалася Першая сусветная вайна.

Першая спроба ўварвання на тэрыторыю германскай калоніі Намібія пацярпела паражэнне — 25 верасня 1914 года брытанскія і паўднёваафрыканскія войскі былі разбітыя ў бітве пры Сандфантэйне[de].

У лютым 1915 года, каб перашкодзіць рыхтуючымуся ўварванню паўднёваафрыканскіх сіл, немцы нанеслі папераджальны ўдар блізу Какамаса[en], паспрабаваўшы ўсталяваць кантроль над двума переправамі праз раку Аранжавую, але былі вымушаныя адступіць.

Каб навесці парадак на сваёй уласнай тэрыторыі, паўдневаафрыканскае камандаванне прыступіла да падрыхтоўцы ўварвання. Камандуючым войскамі паўночнага фронту стаў сам Луіс Бота, які ажыццяўляў і агульнае камандаванне, а паўднёвага — Ян Смэтс[14].

11 лютага Бота прыбыў у Свакапмунд, на поўнач ад Уолвіс-Бэя, паўднёваафрыканскага анклава на ўзбярэжжы Паўночна-Заходняй Афрыкі, куды па яго загаду пачалася актыўная перакідка войскаў. Да сакавіка сілы ўварвання былі гатовыя. Наступаючы з раёна Свакапмунда ўздоўж чыгуначнай лініі, паўднёваафрыканцы занялі Ачымбінгве, Карыбіб, Фрыдрыхсфельдэ, Вільгельмсталь, Акаханджу і 5 мая 1915 года ўступілі ў Віндхук[15].

Немцы запыталі мір, але іх прапанова была адхілена Луісам Ботам, і баявыя дзеянні працягнуліся. 12 мая Бота абвясціў ваеннае становішча і падзяліў войска на чатыры групы (камандуючыя: Коэн Брыц, Лукін, Мані Бота і Мібург). Да гэтага часу надыходзячыя войскі фактычна падзялілі тэрыторыю нямецкай калоніі напалову. У далейшым Брыц рушыў на поўнач, захапіў Ачываронгу, Оўчу і выйшаў да возера Этоша, адрэзаўшы германскія войскі ва ўнутранай частцы калоніі ад прыбярэжных раёнаў Кабінда і Каакавельд. Астатнія тры групы паўднёваафрыканскіх войскаў наступалі на паўночны ўсход па разбежных напрамках уздоўж чыгункі Свакапмунд—Цумеб. 1 ліпеня германскія войскі далі апошнюю бітву пад Атаві, якая скончылася іх разгромам, і 9 ліпеня яны капітулявалі каля Кхараба.

У той час як на поўначы развіваліся гэтыя падзеі, у Людэрыцы высадзіліся паўднёваафрыканскія войскі пад камандаваннем Яна Смэтса. Замацаваўшыся ў горадзе, яны 20 мая авалодалі Кітмансхупам, дзе сустрэліся з двума іншымі калонамі, якія надыходзілі ад Порт-Налота і Кімберлі.

Працягваючы наступленне, Смэтс заняў Берсебу[en], а 26 мая, пасля двухдзённых баёў, паў Гібеён[14][16]. Застаўшыяся нямецкія войскі адступілі на поўнач, у бок пакоранай сталіцы, і праз 2 тыдні таксама капітулявалі[15].

У 1920 годзе Намібія была перададзена пад кіраванне ПАС у якасці падмандатнай тэрыторыі Лігі Нацый, які атрымаў права выконваць тут заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя функцыі. У 1922 і 1932 гадах тут прайшлі ўзброеныя паўстанні, якія былі падушаныя з ужываннем авіяцыі.

У 1946 годзе створаная замест Лігі Нацый ААН адхіліла хадайніцтва ПАС пра ўключэнне ў яго склад тэрыторыі Паўднёва-Заходняй Афрыкі. У адказ ПАС адмовіўся перадаць гэтую тэрыторыю пад апеку ААН, пачаўшы тым самым зацяжное судовае разбіральніцтва ў Міжнародным судзе ААН. У ноч на 10 снежня 1959 года ваенізаваныя сілы і паліцыя ПАР расстралялі дэманстрацыю пратэста афрыканцаў супраць іх перасялення ў «чорны прыгарад» Віндхука: загінулі 12 чалавек, 50 былі параненыя[17].

У 1966 годзе Генеральная асамблея ААН анулявала мандат ПАР і перадала Намібію пад эгіду ААН. У 1971 годзе Міжнародны суд пацвердзіў законнасць гэтага кроку.

Вайна за незалежнасць

[правіць | правіць зыходнік]

Рашэнне Міжнароднага суда, забастоўка рабочых-кантрактнікаў і ўзмацненне ўдзела царквы ў палітычным жыцці адзначылі пачатак перыяду масавага супраціву каланіяльнаму праўленню. З 1969 года разгарнулася ўзброеная барацьба за незалежнасць краіны[18]. Барацьбу за вызваленне ад акупацыі ПАР узначаліла левая групоўка SWAPO. Актыўную ролю ў канфлікце прыняла суседняя Ангола, дзе ва ўладзе знаходзіліся камуністы. Частка баявых дзеяннях праходзілі на тэрыторыі Анголы. Сам канфлікт быў моцна звязаны з грамадзянскай вайной у гэтай краіне.

Першыя некалькі гадоў барацьбу з паўстанцамі вяла ў асноўным паўднёваафрыканская паліцыя. Аднак па меры ўзмацнення мяцежнікаў у пачатку 1970-х гадоў для барацьбы з намібійскімі партызанамі ўпершыню была ўжыта рэгулярная армія ПАР — Сілы абароны Паўднёвай Афрыкі[19].

У 1971—1972 гадах у Намібіі прайшоў усеагульны бунт рабочых авамба, у якім удзельнічалі больш за 30 тыс. чалавек па ўсёй краіне[20].

У 1975—1977 гады па ініцыятыве ПАР у Віндхуку праходзіла т. зв. «Канстытуцыйная канферэнцыя» пры ўдзеле арыентаваных на ПАР этнаплемянных груповак. Была створана кансерватыўная кааліцыя Дэмакратычны альянс Турнхале (DTA) на чале з племянным правадыром герэра Клеменсам Капуа. Распрацаваная канстытуцыя прадугледжвала адміністрацыйнае дзяленне краіны па этнічнай прыкмеце. Мясцовы ўрад узначаліў белы афрыканерскі нацыяналіст Дырк Маджа.

Кульмінацыяй вайны стала бітва пры Куіта-Куанавале (Ангола), якая праходзіла з восені 1987 года па вясну 1988 года. Да пачатку бітвы ўзброеныя сілы ПАР ўварваліся ў Анголу для дапамогі УНІТА ў адлюстраванні буйнога ангола-кубінскага наступлення, пры падтрымцы SWAPO, СССР, ГДР і КНДР, у паўднёва-ўсходніх раёнах краіны. Па выніках гэтай бітвы, самай буйнай за ўсю агольскую грамадзянскую вайну і вайну за незалежнасць, абодва бакі, і ПАР, і Куба, абвясцілі аб сваёй перамозе.

22 снежня 1988 года ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку было падпісана пагадненне аб перадачы Намібіі пад кантроль Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. ПАР прымушана вывесці сваю армію з гэтай тэрыторыі.

У пераходны перыяд лідары SWAPO і больш за 40 тыс. іх прыхільнікаў вярнуліся з выгнання на радзіму, прайшла рэгістрацыя палітычных партый і 95 % патэнцыйных выбаршчыкаў. 97 % выбаршчыкаў прынялі ўдзел у выбарах ва Устаноўчую асамблею, праведзеных пад наглядам ААН, на якіх за SWAPO прагаласавала 57 % выбаршчыкаў. Устаноўчая асамблея распрацавала і прыняла канстытуцыю Намібіі.

Незалежная Намібія

[правіць | правіць зыходнік]

21 сакавіка 1990 года Намібія атрымала незалежнасць, а яе першым прэзідэнтам стаў лідар SWAPO Сэм Нуёма.

На выбарах 1994 года SWAPO яшчэ больш умацавала свае палітычныя пазіцыі. Намеціўся невялікі эканамічны рост у сферы замежнага турызму, рыбалоўства і апрацоўчай прамысловасці, дасягнутага перш за ўсё за кошт дзяржаўных інвестыцый. Да канца першага дзесяцігоддзя незалежнасці складанымі праблемамі Намібіі заставаліся страйкавы рух, незадаволенасць сялян ходам зямельнай рэформы, беспрацоўе.

У 1998—1999 гадах у раёне Капрыві, на крайнім паўночным усходзе краіны, меў месца сепаратысцкі рух на чале з былым лідарам DTA Мішаке Муёнга. Яго кіраўнікі выступалі за прадастаўленне шырокай аўтаноміі або незалежнасці рэгіёна. Інсургентаў падтрымлівала замбійская апазіцыя, тады як улады Замбіі і Зімбабвэ прапаноўвалі дапамогу ўраду Намібіі.

У 90-я гады канфлікт паміж Батсванай і Намібіяй з-за спрэчных астравоў на памежнай рацэ ў шэрагу выпадкаў выліўся ў агнявыя кантакты, меліся ахвяры. Аднак бакі ўрэгулявалі пытанне праз зварот у Міжнародны суд ААН; мяжа канчаткова дэмаркіравана ў 2003 годзе.

  1. а б Namibia: Stone Age to the Early Iron Age (c160 000 BP — c1400 CE)
  2. Jürgen Richter The Giraffe People: Namibia’s Prehistoric Artists
  3. MICHAEL LEWIS WILSON STRANDLOPERS AND SHELL MIDDENS(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2022. Праверана 28 верасня 2022.
  4. Skeleton Coast Park https://open.uct.ac.za/bitstream/item/25678/thesis_hum_Wilson_1990.pdf?sequence=1 MICHAEL LEWIS WILSON STRANDLOPERS AND SHELL MIDDENS(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 28 верасня 2022. Праверана 28 верасня 2022.
  5. Le Meillour L, Zirah S, Zazzo A, Cersoy S, Détroit F, Imalwa E, Lebon M, Nankela A, Tombret O, Pleurdeau D, Lesur J. Palaeoproteomics gives new insight into early southern African pastoralism. Sci Rep. 2020 Sep 2;10(1):14427
  6. Ananyo Choudhury, Dhriti Sengupta, Michele Ramsay, Carina Schlebusch, Bantu-speaker migration and admixture in southern Africa, Human Molecular Genetics, Volume 30, Issue R1, 1 March 2021, Pages R56–R63
  7. The Owambo - people of the North
  8. THE HERERO – FROM THE GREAT LAKES OF EAST AFRICA
  9. Herero Tribe: Tribal People of Namibia
  10. а б в Dierks, Klaus. Biographies of Namibian Personalities, A. Праверана 24 June 2010.
  11. Vedder, Heinrich (1997). Das alte Südwestafrika. Südwestafrikas Geschichte bis zum Tode Mahareros 1890 [The old South-West Africa. South-West Africa's history until Maharero's death 1890](ням.) (7th ed.). Windhoek: Namibia Scientific Society. p. 386. ISBN 0-949995-33-9.
  12. а б Намибия. История(недаступная спасылка)
  13. Потери шутцтруппе в войне против гереро. Архівавана 28 верасня 2021.
  14. а б Tucker & Wood 1996, p. 654.
  15. а б Crafford 2005, p. 102.
  16. Burg & Purcell 1998, p. 59.
  17. http://www.inafran.ru/sites/default/files/news_file/kamati.pdf С. 26
  18. http://www.inafran.ru/sites/default/files/news_file/kamati.pdf С. 37
  19. http://www.inafran.ru/sites/default/files/news_file/kamati.pdf С. 45
  20. С. 40